Get Adobe Flash player

Календарь событий

Март 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
25 26 27 28 1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Наши контакты

210036
Республика Беларусь, г.Витебск,
ул. Богатырёва(Билево-1), д. 3
тел. +375(212) 68-04-56
тел. +375(212) 68-04-59

e-mail: fantazy_bilevo@mail.ru
сайт: sad110vitebsk.by

Стварэнне БССР

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў і аднаўлення савецкай улады зноў паўстала пытанне аб утварэнні беларускай дзяржавы. Гэтую ідэю актыўна падтрымлівалі беларускія палітычныя партыі і арганізацыі, якія стаялі на савецкай платформе. Яны выступалі за ўтварэнне аўтаномнай Беларусі ў складзе РСФСР. Аб гэтым было заяўлена на Усерасійскім з’ездзе беларусаў-бежанцаў (Масква, ліпень 1918 г.), Першай канферэнцыі беларускіх савецкіх партый і арганізацый (Петраград, ліпень 1918 г.) Такой жа была пазіцыя Цэнтральнага Бюро беларускіх секцый РКП(б), створанага ў снежні 1918 г. (кіраўнік – З.Жылуновіч). 

Пытанне аб стварэнні беларускай савецкай дзяржавы ўзнімалася і  Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкамам), створаным у студзені 1918 г. пры Наркамнацы РСФСР (кіраўнік – А.Чарвякоў). Так, у верасні 1918 г. дэлегацыя Белнацкама прыехала ў Смаленск і прапанавала Паўночна-Заходняму абкаму партыі абмеркаваць праект “Аб перайменаванні Заходняй вобласці ў Беларуска-Літоўскую”. Тым самым Белнацкам хацеў хоць часткова, хоць па назве, зрабіць першы крок у напрамку стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў. Аднак дадзеная пастанова так і не была прынята.

Кіраўніцтва Аблвыкамзаха па-ранейшаму не патрымлівала ідэю аб стварэнні Беларускай рэспублікі, разглядаючы вобласць як неад’емную частку Расіі. Пазіцыю Аблвыкамзаха заняла і Адміністрацыйная камісія УЦВК РСФСР, якая ў пачатку снежня 1918 г. прыняла праект пастановы “Аб абласных аб’яднаннях”, адпаведна якому меркавалася захаваць Заходнюю вобласць у складзе Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай губерній.

Канчаткова “беларускае пытанне” было вырашана толькі пасля таго як, відавочна, пад уплывам У.Леніна 24 снежня 1918 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне абвясціць незалежную Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь (ССРБ). На такі кардынальны перагляд пазіцый па “беларускаму пытанню” (не аўтаномія, а незалежнасць) цэнтральныя органы ўлады пайшлі пад уплывам шэрагу фактараў.

Па-першае, неабходна было стварыць савецкую альтэрнатыву “буржуазнаму” руху. Тым больш гэтая задача стала першачарговай у  сувязі са спробамі Рады БНР дабіцца прызнання на міжнароднай арэне. Бальшавікі не хацелі даваць нагоду “прадстаўнікам варожага капіталістычнага свету” расцэньваць нацыянальную палітыку партыі як шавіністычную ў адносінах да нацыянальных меншасцяў.

Па-другое, праводзячы дэмакратычныя пераўтварэнні ў Расіі, бальшавікі ставілі задачу ўзняць аўтарытэт Камуністычнай партыі ў асяроддзі заходнееўрапейскага пралетарыяту, які разглядаўся як рухаючая сіла сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі.

Па-трэцяе, у сувязі з абвастрэннем адносін паміж РСФСР і Польшчай і абвяшчэннем савецкіх рэспублік у Прабалтыцы і на Украіне партыйныя органы ўлады павінны былі вырашаць “беларускае пытанне”. Утварэнне Беларускай рэспублікі павінна было завяршыць фарміраванне буфернай зоны на заходніх межах Савецкай Расіі.

Пасля таго, як ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай рэспублікі, 27 снежня 1918 года Наркамнац выдаў пастанову “Аб практычных мерапрыемствах па ўтварэнню БССР”. Нарэшце, 30 снежня  1918 г. на VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) была прынята рэзалюцыя аб абвяшчэнні самастойнай Беларускай рэспублікі “из территорий Минской, Гродненской, Витебской, Могилёвской и Смоленской губерний”. Канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б). На першым яго пасяджэнні быў абраны прэзідыум ЦБ КП(б)Б у складзе А.Мяснікова, М.Калмановіча і В.Кнорын. Старшынёй прэзідыума стаў А.Мяснікоў.

31 снежня 1918 г. ЦБ КП(б)Б абмеркавала пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР. Было вырашана, што ва ўрад увойдуць прадстаўнікі ад Белнацкама, Цэнтральнага бюро беларускіх секцый РКП(б), Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Аблвыкамзаха. Старшынёй урада быў зацверджаны З.Жылуновіч, членамі – А.Мяснікоў, А.Чарвякоў і іншыя, усяго 17 чалавек.

1 студзеня 1919 г. Часовы ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У ім гаварылася аб усталяванні савецкай улады ў Беларусі, аб адмене пастаноў акупацыйных улад і Рады БНР. 5 студзеня 1919 г. ўрад БССР пераехаў у Мінск, які стаў сталіцай беларускай рэспублікі.

Неабходнасць вырашэння шэрагу дзяржаўна-прававых пытанняў стала прычынай тэрміновага склікання І з’езду Саветаў БССР. Ён адбыўся 2-3 лютага 1919 г. у Мінску. Старшыня УЦВК РСФСР Я.Свярдлоў, які прысутнічаў на з’ездзе, зачытаў пастанову прэзідыума УЦВК РСФСР аб прызнанні незалежнасці БССР. Гэта было першае міжнароднае прызнанне Беларускай ССР. На І з’ездзе Саветаў БССР была прынята першая Канстытуцыя, якая юрыдычна замацавала ўтварэнне новай савецкай рэспублікі і яе новую назву – Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь (ССРБ). У Канстытуцыі рэгламентавалася савецкая форма ўлады, асноўныя прынцыпы сацыялістычнага ладу, у тым ліку прынцып дыктатуры пралетарыяту. Вышэйшым органам улады ў адпаведнасці з Канстытуцыяй аб’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перапынках паміж з’ездамі – Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК) ССРБ.

На першай сесіі ЦВК ССРБ былі абраны Малы і Вялікі прэзідыумы ЦВК. Малы прэзідыум складаўся са старшыні (А.Мяснікоў), двух членаў (камісары па замежных і ўнутраных справах) і сакратара ЦВК. У Вялікі прэзідыум увайшлі 15 народных камісараў рэспублікі. Ён быў выканаўчым органам улады, г.зн. здзяйсняў функцыі Савета Народных Камісараў.

Мэтамі ўмацавання буфернага блоку на савецка-польскім памежжы было прадыктавана рашэнне ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г. аб аб’яднанні савецкіх рэспублік Беларусі і Літвы ў ЛітБелССР. У выніку 3 лютага 1919 г. на І з’ездзе Саветаў ССРБ, а 17 лютага 1919 г. на І з’ездзе Саветаў Літвы былі прыняты адпаведныя дэкларацыі, пасля чаго 27 лютага 1919 г. адбылося афіцыйнае аб’яднанне дзвюх савецкіх рэспублік. Старшынёй ЦВК ЛітБелССР быў абраны Ю.Цыхоўскі, а СНК узначаліў У.Міцкявічус-Капсукас. 4-6  сакавіка 1919 г. быў абраны ЦК КП(б)ЛіБ. Старшынёй прэзідыума ЦК КП(б)ЛіБ стаў У.Міцкявічус-Капсукас, а скаратаром – В.Кнорын. Сталіцай аб’яднанай дзяржавы стала Вільня. ССРБ юрыдычна перастала існаваць. З.Жылуновіч быў накіраваны на журналісцкую працу ў Харкаў, а А.Мяснікоў прызначаны камандуючым Паволжкім фронтам.

Савецка-польская вайна пачалася ў лютым 1919 г. Паўночная група польскіх войск уварвалася ў Гродзенскую губерню і наступала ў напрамку Вільні і Ліда-Маладзечна, паўднёвая – на Баранавічы-Мінск і Кобрын-Пінск. У сярэдзіне сакавіка 1919 г. палякі акупіравалі гарады Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Пінск.

У красавіку 1919 г., выкарыстаўшы занятасць Чырвонай Арміі на Усходнім фронце, польскія войскі ўзнавілі наступленне. У ноч на 17 красавіка 1919 г. яны прарвалі фронт і захапілі Ліду, Баранавічы. 21 красавіка 1919 г. польскімі войскамі была захоплена Вільня – сталіца ЛітБелССР. 29 красавіка 1919 г. Ю.Пілсудскі, каб падтрымаць федэралісцкія ілюзіі сярод беларускага грамадства, звярнуўся з адозвай “Да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага”, дзе абяцаў будаваць адносіны на роўных, даць магчымасць беларусам і літоўцам самім вырашаць канфесіянальныя і нацыянальныя пытанні.

У ходзе наступлення польскіх войскаў сур’ёзная небяспека навісла над Мінскам. Камандаванне Заходняга фронту прымала энергічныя меры з мэтай умацавання подступаў да горада. У Мінскай губерні было мабілізавана каля 35 тысяч рабочых і сялян. Яшчэ звыш 20 тысяч чалавек было накіравана на Заходні фронт з цэнтральных раёнаў РСФСР. Усё гэта дазволіла ўмацаваць пазіцыі ЛітБелССР, але не настолькі, каб зрабіць паварот у вайне. Польскія войскі працягвалі наступаць. 8 жніўня 1919 г. яны ўварваліся ў Мінск. Да канца жніўня 1919 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск-Полацк-Бабруйск-Камянец-Падольскі.

У сакавіку 1920 г. палякі пачалі новае наступленне і захапілі гарады Мазыр і Калінкавічы. Аднак, дзякуючы перакідванню войскаў з Усходняга на Польскі фронт, Чырвонай Арміі ўдалося спыніць палякаў і перайсці ў контрнаступленне. У выніку яго 11 ліпеня 1920 г. быў вызвалены Мінск. У такіх умовах ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці. 30 ліпеня 1920 г. быў створаны Беларускі ваенрэўком, куды ўвайшлі: А.Чарвякоў (старшыня), В.Кнорын (намеснік старшыні), У.Ігнатоўскі, І.Адамовіч і інш. 31 ліпеня 1920 г. на сумесным пасяджэнні прадстаўнікоў Белваенрэўкома і ЦК КП(б)ЛіБ у Мінску была абвешчана “Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ”. Гэты дакумент аб’яўляў пра аднаўленне БССР, абвешчанай яшчэ 1 студзеня 1919 г. Літва ж стала буржуазнай рэспублікай. У адпаведнасці з мірным дагаворам паміж РСФСР і Літвой у складзе апошняй пакідаліся беларускія гарады Гродна, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў, а таксама Вільня. ЛітБелССР была ліквідавана

Тым часам савецкія войскі пад кіраўніцтвам М.Тухачэўскага рушылі далей на захад і дайшлі да Варшавы. Аднак з прычыны недахопу сіл, слабага матэрыяльнага забеспячэння Чырвоная Армія не змагла развіць свой поспех і да канца жніўня 1920 г. пакінула не толькі тэрыторыю Польшчы, але і заходнюю частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. удзельнікамі польска-савецкай вайны было падпісана перамір’е, а ў  лістападзе 1920 г. пачаліся перагаворы аб міры ў Рызе паміж РСФСР і Украінай з аднаго боку і Польшчай – з другога. Польшча не прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі ССРБ і інтарэсы Беларусі прадстаўляла дэлегацыя РСФСР.

У хуткім часе завяршыліся і савецка-польскія перагаворы. У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка 1921 г. да Польшчы адышла значная частка тэрыторыі Беларусі – 113 тыс. км² з насельніцтвам больш 4 млн. чалавек. У складзе БССР заставаліся толькі 6 паветаў Мінскай губерні – Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі, у якіх пражывала 1,6 млн. чалавек. Мяжа з Польшчай прайшла у 30-ці км. на захад ад Мінска.

Саветызацыя нацыянальных раёнаў былой Расійскай імперыі, падпарадкаванне іх партыйнаму кантролю цэнтра паскорылі працэс аб’яднання. 16 студзеня 1921 года быў падпісаны Дагавор паміж РСФСР і БССР, паводле якога прызнаваўся суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Ствараліся аб’яднаныя наркаматы. Адначасова было створана прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР для каардынацыі дзейнасці ў галіне гаспадарчага і культурнага будаўніцтва.

Але канчаткова адносіны паміж дзяржавамі, якія ўзніклі на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, былі нявызначаныя. Важна было правесці аб’яднанне так, каб не вызваць новы развал і новую грамадзянскую вайну ў нацыянальных раёнах. І.В. Сталін прапанаваў уключыць савецкія дзяржавы ў склад РСФСР на правах аўтаномных рэспублік (план “аўтанамізацыі”). ЦБ КП(б)Б выступіў супраць прынцыпаў аб’яднання, прапанаваных І.В. Сталінам. У.І. Леніну ўдалося накіраваць работу на аб’яднанне рэспублік у адносна бяспечнае рэчышча: стварэнне федэратыўнага саюза раўнапраўных дзяржаў з правам выхаду з гэтага саюза. У адпаведнасці з лозунгам аб праве нацый на самавызначэнне, бальшавікі ў аснову стварэння СССР закладвалі нацыянальны прынцып. Рэспублікі захоўвалі атрыбуты дзяржаўнасці, але частка паўнамоцтваў перадавалася цэнтральным органам улады.

I Усесаюзны з’езд Саветаў, які адкрыўся 30 снежня 1922 г. прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВК СССР ад БССР увайшло 7 чалавек. А.Р. Чарвякоў стаў адным з чатырох старшынь Прэзідыума ЦВК СССР (М.Калінін, Г.Пятроўскі, Н.Нарыманаў).

У кампетэнцыю вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, межы, узброеныя сілы, транспарт, сувязь, планаванне народнай гаспадаркі, фінансы, аб'яўленне вайны і заключэнне міру. Асноўныя палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, якая была прынята на II з'ездзе Саветаў СССР у 1924 г. Па Канстытуцыі СССР не змог вырашыць нацыянальнае пытанне ў поўным аб'ёме. Жорсткая цэнтралізацыя ўлады фактычна прывяла да сталінскай “аўтанамізацыі” Савецкіх рэспублік, што не ўмацоўвала, а, наадварот, аслабляла яго.

БССР увайшла ў склад СССР у межах шасці паветаў Мінскай губерні. ЦВК БССР у 1923 г. выказаліся за ўзбуйненне БССР. 3 сакавіка 1924 г. ЦВК РСФСР прыняў пастанову аб перадачы Беларускай ССР паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. У выніку тэрыторыя Савецкай Беларусі павялічылася да 110 тыс. км2, г. зн. больш чым у два разы, а насельніцтва - да 4,2 млн. чалавек.

Другая сесія ЦВК БССР, якая адбылася 10-17 жніўня 1924 г., увяла   новы   адміністрацыйна-тэрытарыяльны   падзел   рэспублікі. Губерні, паветы, воласці ліквідаваліся, а замест іх ствараліся акругі, раёны, сельсаветы. Але гэтым узбуйненнем поўнасцю не была вырашана праблема вяртання ўсходніх этнічных беларускіх зямель. На падставе вывучаных матэрыялаў камісіі Палітбюро ЦК УКП(б) 18 лістапада 1926 г. вырашыла лічыць, што большасць насельніцтва Гомельскага і Рэчыцкага паветаў - беларусы, і прызнала неабходным далучыць іх да Беларусі. У снежні 1926 г. Прэзідыум ЦВК БССР уключыў гэтыя паветы ў склад рэспублікі, перайменаваў іх у акругі, а воласці ў раёны. У выніку другога ўзбуйнення тэрыторыя БССР павялічылася на 25 тыс. км2, а насельніцтва - на 649 тыс. чалавек. Пасля двух узбуйненняў БССР яе тэрыторыя на пачатку 1927 г. складала амаль 125 950 км2 з насельніцтвам каля 5 млн. чалавек.

Наше слайд-шоу

Счетчик посещений сайта

mod_vvisit_countermod_vvisit_countermod_vvisit_countermod_vvisit_countermod_vvisit_countermod_vvisit_counter
mod_vvisit_counterСегодня214
mod_vvisit_counterВчера490
mod_vvisit_counterЗа неделю3638
mod_vvisit_counterЗа месяц69624
mod_vvisit_counterВсе дни789302

У нас есть: 65 гостей, 1 ботов online
Ваш IP: 34.207.146.166
 , 
Сегодня: Мар 26, 2019